ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв. вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945 сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс. чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)